УСТАНО́ЎЧЫ СХОД у Расіі,
прадстаўнічая ўстанова, створаная на аснове ўсеагульнага выбарчага права для вызначэння формы праўлення і выпрацоўкі канстытуцыі краіны пасля звяржэння манархіі ў лют. 1917. Скліканне У.с. лічылася гал. задачай Часовага ўрада, але выбары яго дэпутатаў адбываліся ўжо пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, пры рэальнай уладзе бальшавікоў, з 12(25).11.1917 да пач. 1918. Было выбрана 715 дэпутатаў, з іх 59% эсэраў, 25% бальшавікоў, 5% канстытуцыйных дэмакратаў, 3% меншавікоў. На Беларусі і Зах. фронце за бальшавікоў прагаласавала 49% выбаршчыкаў, за эсэраў — 37%. Пасяджэнне У.с. адкрылася 5(18).1.1918 у Таўрычаскім палацы ў Петраградзе (у той жа дзень бальшавікі разагналі дэманстрацыю ў яго падтрымку). З’явіліся 410 дэпутатаў (у асн. эсэры-цэнтрысты, бальшавікоў і левых эсэраў 155 чал., або 38,5%), старшынёй абраны эсэр В.М.Чарноў. Калі У.с. адмовіўся прызнаць дэкрэты з’ездаў Саветаў, бальшавікі і левыя эсэры пакінулі пасяджэнне, і каля 5 гадзін раніцы 6(19).1.1918 паводле загаду СНК яго спыніў нач. каравула палаца матрос А.Р.Жалезнякоў («Каравул стаміўся»). У ноч на 7(20).1.1918 ВЦВК сваім дэкрэтам афіцыйна распусціў У.с., што абвастрыла грамадз. супрацьстаянне ў краіне.
Кр.:
Учредительное собрание. Россия, 1918: Стенограмма и др. док. М., 1991.
Літ.:
Протасов Л.Г. Всероссийское учредительное собрание: История рождения и гибели. М., 1997.
т. 16, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)